ГАНО́ВЕРСКАЯ ПАРО́ДА верхавых коней. Выведзена ў 19 ст. ў Германіі скрыжаваннем мясц. коней з чыстакроўнымі верхавымі і галштынскімі жарабцамі. Раней выкарыстоўвалі на с.-г. работах, больш лёгкіх коней — у кавалерыі; зараз (у т. л. на Беларусі) — у конным спорце і племянной рабоце.

Коні з вял., часта гарбаносай галавой, шырокай, мускулістай спіной і шыяй, шырокімі глыбокімі грудзямі і моцнымі канечнасцямі. Выш. ў карку 160—164 см. Масць — вараная, гнядая, бурая, шэрая. Вызначаюцца энергічным тэмпераментам, магутным скачком. Выкарыстоўваецца ў спаборніцтвах па пераадольванні перашкод і ў выездцы.

М.А.Гарбукоў.

т. 5, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)